Кожны дзень, як аркуш перамяты паперы.
Мне здаецца, што ўсё паўтараецца зноў.
Нешта ў сэрцы з зыходам хвіліны нямее,
а табе растлумачыць не хопіць мне слоў.
Мы як два берагі - ты далёкі, я блізкі.
Ты - пясчаны, высокі, з птушыным крылом.
Я - паросшы чаротам, ажынамі. Нізкі.
То частую цябе, то пакрыўджу агнём.
Ты жывеш у другім вымярэнні і часе.
Я павольна плыву разам з хвалямі вод.
Мы не маем нічога з табою ў запасе,
ні цудоўных праходаў, ні слёз, ні выгод.
Кожны дзень я хачу зразумець неабходнасць
нашых думак, жыцця і балючых сустрэч.
Кожны дзень адчуваю з табою нязгоднасць,
кожны дзень я здымаю бяду з тваіх плеч...
Выбачай... Мы - аркуш перамяты паперы.
Усё праходзіць і ўсё паўтараецца зноў.
Я пішу, а ў сэрцы ўсё далей нямее,
бо ніколі табе не чытаць гэтых слоў...
Вольга Лойка